БЯЗ’Я́ДЗЕРНАЯ ЗО́НА,

у міжнародным праве пэўная тэр., на якой забаронена размяшчаць у любой форме ядз. зброю. Умовай стварэння бяз’ядзернай зоны з’яўляецца дэмілітарызацыя. Поўная дэмілітарызацыя азначае і дэатамізацыю (поўнае выключэнне размяшчэння ядз. зброі на дадзенай тэр.). Бяз’ядзернымі з’яўляюцца і зоны, адносна якіх абвешчана агульная дэмілітарызацыя (напр., Аландскія а-вы, архіпелаг Шпіцберген, Антарктыка). Спецыяльнае стварэнне бяз’ядзернай зоны прадугледжвае частковую дэмілітарызацыю. Бяз’ядзерныя зоны ў цэлым не выключаюцца са сферы ўзбр. канфлікту, аднак не могуць быць тэатрам ядз. вайны. Бяз’ядзерныя зоны абвешчаны ў касм. прасторы (1967), у паўд. ч. Ціхага ак. (1986) і інш. У 1996 Беларусь прапанавала стварыць бяз’ядзерныя зоны ў Цэнтр. і Усх. Еўропе.

т. 3, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)